У Мінску прэзентаваная кніга першага міністра замежных спраў Рэспублікі Абедзьвюх Нацый Іахіма Літавора Храптовіча
9 снежня 2014 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі была прэзентаваная выдадзеная на літоўскай, польскай і беларускай мовах кніга знакамітага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), дыламата, філосафа, публіцыста, паэта і перакладчыка Іахіма Літавора Храптовіча “Аб прыродным праве”. Арганізатары мерапрыемства – Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У прысвечанай 285-годдзю з дня нараджэння І. Л. Храптовіча дыскусіі-круглым стале прынялі ўдзел гісторыкі з Інстытута гісторыі Літвы, Універсітэта ў Катавіцах (Польшча), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута гісторыі, Міжнароднай асацыяцыі беларусаў, Нацыянальнай бібліятэкі, Навагрудскай бібліятэкі і інш. У дыскусіі ішла размова пра старэнне і працу першага міністэрства замежных спраў і іншых дзяржаўных устаноў Рэспублікі Абедзьвюх Нацый у складанай геапалітычнай сітуацыі канца XVIII стагоддзя, асобу І. Л. Храптовіча і яго дзяржаўную дзейнасць.
У другой частцы мерапрыемтва галоўны рэдактар выдавецтва „SANTARA“ Рамуалдас Норкус прадставіў прысутнай аўдыторыі гісторыю новага трохмоўнага выдання кнігі І. Л. Храптовіча “Аб прыродным праве”. Аўтар канцэпцыі выдання, польскі гісторык Кшыштаф Трацкі пазнаёміў слухачоў з выкладзенымі ў кнізе прагрэсіўнымі ідэямі эпохі Асветы, выказаўшы радасць, што кніга, выдадзеная роўна 200 год таму, зноў пабачыла свет.
Амбасадар Літоўскай Рэспублікі Эвалдас Ігнатавічус падараваў па некалькі экземпляраў кнігі беларускім бібліятэкам. Словы ўдзячнасці за высокую якасць падрыхтоўкі кнігі прагучалі ў адрас прысутнага на мерапрыемстве генеральнага дырэктара тыпаграфіі „Petro ofsetas“ Пятраса Калібатаса.