*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

ВІНШАВАЛЬНАЕ СЛОВА МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ ЛІНАСА ЛІНКЯВІЧУСА З НАГОДЫ АДКРЫЦЦЯ „ДЗЁН ЛІТВЫ Ў БЕЛАРУСІ“

Гэты год асаблівы для Літвы – мы адзначаем 150-я ўгодкі паўстання 1863-га года, неўзабаве прымем кіраванне Еўрасаюзам. Абодва гэтыя факты звязаныя і з суседняй Беларуссю – першы як знак агульнай гісторыі, другі – як знак еўрапейскага суседства. Паміж гэтымі датамі – дзесяцігоддзі войнаў і падзелаў, спробы аднавіць дзяржаўнасць. Радасна, што праз увесь гэты драматычны час літоўскі і беларускі народы захавалі традыцыі добрасуседства, што ствараліся стагоддзямі.

Літоўцы і беларусы істотна спрычыніліся да стварэння рэгіянальнага і еўрапейскага ідэнтытэта, у Вялікім Княстве Літоўскім захоўваючы мірнае суіснаванне розных нацыянальнасцяў, рэлігій і моваў, якое ў нашых краінах шануецца і дагэтуль. Нашу агульную гістарычную і культурную спадчыну мы павінны прадставіць шырокаму свету, але перш за ўсё мы маем наноў адкрыць адно аднаго, бо дзесяцігоддзі, што мінулі, на жаль, пакінулі не адну белую пляму.

З мэтай прадставіць нашай суседцы Беларусі Літву нашых дзён, мы падрыхтавалі першыя “Дні Літвы”, якія прадставяць і гістарычную, і сучасную Літву – яе выяўленчае мастацтва, тэатр, літаратуру і іншыя мастацтвы, а таксама магчымасці турызму і эканамічных сувязяў.

Ну а калі “Дні Літвы” падыйдуць да канца, мы пачнем старшынства Літвы ў Еўрасаюзе, якое адкрые новыя магчымасці для Беларусі і іншых усходніх краін-суседак. Дык будзем працягваць добрыя традыцыі мінулага і выкарыстаем магчымасці сучаснасці – будзем даведвацца, падтрымліваць адносіны, ствараць.