*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

„Вяселле“ О. Каршуноваса захапіла мінскую публіку

25–26 верасня міжнародную праграму фестываля "ТЭАРТ", які штогод праходзіць у Беларусі, распачаў спектакль "Вяселле" рэжысёра О. Каршуноваса. За два дні паказу спектакль на аснове твора нямецкага класіка Бертальда Брэхта і сённяшніх актуалій, сабраў надзвычай шматлікае кола беларускіх аматараў тэатра – білеты на гэты спектакль былі распраданыя яшчэ за некалькі тыдняў да прэм'еры ў Мінску.

Па словах амбасадара Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андруса Пулокаса, які выступаў пасля першага спектакля ў Мінску, тэатр О. Каршуноваса – гэта вынік існавання свабоднага, смелага грамадства, якое слухае, сумняецца і шукае, вынік, які здабыў найважнейшыя міжнародныя тэатральныя ўзнагароды і праслаўляе імя Літвы па ўсім свеце. "Тыпажы, сітуацыі і імправізыцыі, што стварае прасякнутае самаіроніяй "Вяселле", незвычайна трапныя, іранічныя і ўніверсальныя – яны выдатна пазнаюцца як сярод літоўскай, так і сярод мінскай публікі", – заўважыў амбасадар.

Для спектакля О. Каршуноваса "Вяселле" гастролі на фестывалі "Радуга" у Санкт–Пецярбургу сталі трамплінам на іншыя замежныя сцэны. Пасля спектакляў у Мінску, у кастрычніку "Вяселле" будзе прадстаўленае на фестывалі „TemporadaAlta“, які праходзіць ў Жыроне (Іспанія), у канцы лістапада спектакль будзе прадстаўлены публіцы фестываля "NEXT" у Бельгіі і Францыі, а пазней – на тэатральным фестывалі ў Льежы і на вялікай сцэне Брусэльскага нацыянальнага тэатра.