Вясна Паэзіі-2016 у Беларусі
Амбасада Літоўскай Рэспублікі 19-20 траўня правяла традыцыйнае паэтычнае свята для беларускіх аматараў літаратуры і мастацтва.
“Вясна Паэзіі-2016” гэтым разам гаманіла ў Мінску і ў густанаселеным літоўцамі Гярвяцкім краі. Падчас імпрэзаў гучалі вершы паэтаў Рамуне Брундзайтэ, Юргіты Яспанітэ-Буракене, Відмантаса Кяўшаса-Элмішкіса, Гвідаса Латакаса на літоўскай мове і іх пераклады на беларускую мову. Паэткі Марыя Мартысевіч, Паўліна Вітушчанка і Юля Цімафеева пераклалі іх тэксты спецыяльна для гэтага свята. Вершы змяняліся музыкай у выкананні гусляркі Жэміны Трынкунайтэ, сваёй творчасцю падзяліліся і беларускія паэты. Вечар сустрэч у Мінску завяршыўся вытрымкай са спектакля літоўскага рэжысёра Віргініі Тарнаўскайтэ “Высокія берагі”, пастаўленага па вершах паэта і амбасадара Эвалдаса Ігнатавічуса. Правёў мерапрыемства прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч.
З нагоды святочнай імпрэзы ў амбасадзе Літвы была адкрытая выстава мініяцюр паэта Гвідаса Латакаса „Выспы“. Удзельнікі Вясны Паэзіі-2016 у Мінску сустрэліся з сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, прадстаўнікамі Беларускага ПЭН-цэнтра.
Асаблівая атмасфера панавала ў Літоўскім цэнтры адукацыі, культуры і інфармацыі ў Рымдзюнах, дзе паэтычныя чытанні сталі сапраўдным літаратурным святам як для літоўцаў Гярвяцкага краю, так і для прадстаўнікоў мясцовай улады і ўсіх жыхароў навакольных вёсак.