Вясновае свята беларускіх літоўцаў
24 траўня ў Амбасадзе Літвы ў Мінску традыцыйна сабраліся дзеці з літоўскіх суполак у Беларусі. Да вясновага свята ў гэтым годзе далучыліся і беларускія дзеці, якія разам з літоўцамі ўдзельнічалі ў абвешчаным амбасадай конкурсе “Малюем Літву”.
На свята ў амбасадзе завітаў саветнік Прэм’ер-міністра Літвы, амбасадар Антанас Вінкус, галоўны рэдактар папулярнай у Беларусі дзіцячай газеты “Зорка” Людміла Грамовіч, прадстаўнікі беларускага радыё і прэсы.
Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус, вітаючы ўсіх прысутных, пажадаў паспяховага заканчэння навучальнага года і выказаў усцешанасць, што ініцыятыва амбасады прапанаваць дзецям паказаць сваю любоў да Літвы ў колерах атрымала такі шырокі водгук. Актыўнымі ўдзельнікамі сталі як беларускія, так і літоўскія дзеці. У амбасадзе прайшла выстава дзіцячых малюнкаў, якая прынесла шмат радасці і дзецям, і дарослым. Такія акцыі, што аб’ядноўваюць беларускіх і літоўскіх дзяцей, а таксама і дарослых, амбасада плануе працягваць і ў будучыні.
Амбасадар А. Вінкус уручыў лісты падзякі ад Прэм’ер-міністра Літвы найбольш актыўным сябрам літоўскіх суполак. Дзеці з кожнай суполкі прадставілі сваю музычную праграму, а пад канец мерапрыемства з песнямі і танцамі выступіла беларуская дзіцячая творчая студыя “LeMari”.