Выстава літоўскіх мастакоў адкрываецца на Фестывалі інтэлектуальнай кнігі "Прадмова" у Мінску, Беларусь
Творчае супрацоўніцтва паміж літоўскімі і беларускімі мастакамі працягваецца, нягледзячы на выкліканы палітычнымі актуаліямі рэзананс і абумоўленыя карантынам Covid-19 абмежаванні.
У галоўнай мінскай выставачнай залі "Палац мастацтваў" (вул. Казлова, 3) 15-18 кастрычніка 2020 г. стартуе Фестываль інтэлектуальнай кнігі "Прадмова", адным з асноўных акцэнтаў якога стане выстава „Разнастайнасць свету ў ілюстрацыях літоўскіх кніг“, на якой будуць прадстаўленыя 12 найбольш цікавых прац ілюстратараў сучасных кніг і ўжо выдадзеныя кнігі, якія атрымалі не адну ўзнагароду за найпрыгажэйшую кнігу ў Літве і за мяжой.
Сувязі беларускіх і літоўскіх мастакоў блізкія і моцныя – пра гэта сведчыць мноства агульных выстаў не толькі ў Вільнюсе і ў Мінску, але і ў іншых гарадах абедзьвюх краін, частая арганізацыя мастацкіх пленэраў. Ужо не першы год беларускія галерэі прадстаўляюцца на Міжнароднай выставе сучаснага мастацтва „Art Vilnius“, працы літоўскіх мастакоў экспануюцца на Фестывалі сучаснага мастацтва „Арт-Мінск“. Падтрымцы мастацкіх сувязяў паміж суседнімі краінамі дапамагаюць амбасады абедзьвюх краін, дзякуючы ім адбываецца шмат культурных і выставачных абменаў. Арганізатары спадзяюцца, што выстава сучаснага літоўскага кніжнага мастацтва паспрыяе збліжэнню чытацкіх аўдыторый абедзьвюх краін і пераемнасці культурнага супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю. Кніга – гэта ключ, які найкарацейшым шляхам злучае розныя краіны і народы. Праект выставы кніжнага мастацтва плануецца працягваць і экспанаваць у іншых гарадах Беларусі, а пазней і ў іншых краінах.