*alt_site_homepage_image*
by
lt ru

Выстава Саюза мастакоў Літвы “Партрэт стагоддзя”

18 ліпеня ў мінскай Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў” была адкрытая аб’яднаная перасоўная выстава Саюза мастакоў Літвы “Партрэт стагоддзя”, прысвечаная 300-годдзю з дня нараджэння Крысціёнаса Данелайціса.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел Амбасадар Літоўскай Рэспублікі Эвалдас Ігнатавічус, старшыня Саюза мастакоў Літвы Эдыта Радвілавічутэ-Утарэне, аўтары прадстаўленых работ з Літвы, а таксама кіраўнікі Беларускага саюза мастакоў, дзеячы культуры і мастацтва, журналісты, літоўцы Мінска.

Творы жывапісу, графікі, скульптуры, медалёвага мастацтва, прадстаўленыя на плошчы больш за 1000 кв. м., тры тыдні будуць радаваць мінскіх аматараў мастацтва і гасцей горада. Мэта выставы – не толькі ўзгадаць імя Крысціёнаса Данелайціса, але і прадставіць сучасныя літоўскія жывапіс, графіку, скульптуру. Выстава “Партрэт стагоддзя” ужо наведала Вільнюс, Калінінград, горад Гёрліц у Германіі, Гродна і Варшаву. З Мінску шлях выставы працягнецца да Мадрыда і Валенсіі.

Адкрываючы выставу, Амбасадар Эвалдас Ігнатавічус выказаў усцешанасць, што імя Крысціёнаса Данелайціса ў Беларусі добра вядомае, а яго паэма “Чатыры пары года”, пяць дзесяцігоддзяў таму выдатна перакладзеная на беларускую мову, блізкая і зразумелая беларускаму чытачу. Для літоўцаў родныя мясціны Крысціёнаса Данелайціса – “Малая Літва” – вельмі важны край, дзе была надрукаваная першая літоўская кніга, першыя газеты, напісаны, мабыць, галоўны наш паэтычны твор – “Чатыры пары года”.  У гэтым сэнсе “Малую Літву” можна параўноўваць са значэннем Вільні для беларускай культуры.

На адкрыцці выставы было завязана нямала новых знаёмстваў паміж літоўскімі і беларускімі мастакамі, абмяркоўвалася адзначэнне ў наступным годзе агульнымі мерапрыемствамі юбілею Міхала Клеафаса Агінскага, які яднае дзве нацыі.