Юбілей М. К. Чурлёніса адзначаецца ў Беларусі
З нагоды 140-гадовага юбілею знакамітага літоўскага кампазітара, мастака Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, Літоўская Рэспубліка запрасіла беларускую грамадскасць на мерапрыемствы ў Мінску: 14 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з вялікім поспехам прайшоў канцэрт “Свет Чурлёніса”.
Прагучалі музычныя творы, вершы, на вялікім экране былі паказаныя карціны. Стваральнікі і выканаўцы праграмы – літоўскія піяністы Рокас Зубавас і Саната Зубавене. Амбасадар Літоўскай Рэспублікі Эвалдас Ігнатавічус напачатку канцэрта пажадаў усім прысутным, каб магічнае святло таленту Чурлёніса напоўніла іх сэрцы.
15 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі была адкрытая выстава твораў М. К. Чурлёніса “Зорны шлях”, якая ўсебакова прадстаўляе вялікага мастака: гэта фотаздымкі, пейзажы, маляваныя санаты, вялікія сімвалічныя працы (“Казка каралёў”, “Прэлюдыя Віціса” і інш.). Куратар выставы – Мілда Пляйтайтэ. Вялікую дапамогу ў арганізацыі выставы аказалі Дом Чурлёніса ў Вільнюсе, Літоўскае таварыства Чурлёніса і Мастацкі музей імя М. К. Чурлёніса ў Каўнасе. Увазе гледачоў прадстаўлена 40 рэпрадукцый карцін і 16 фотакопій з альбома “Анапа. 1905”. На вялікім экране ў залі музея дэманстраваліся паэтычныя творы М. К. Чурлёніса, гучала музыка кампазітара, выкананая Р. Зубавасам.