Запрашаем на мерапрыемства, прысвечанае апошняму канцлеру Вялікага Княства Літоўскага і першаму Міністру замежных спраў Рэспублікі Абедзьвюх Нацый Іахіму Літавору Храптовічу
9 снежня 2014 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр. Незалежнасці 118, Мінск) адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае знакамітаму дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), філосафу, публіцысту, паэту і перакладчыку Іахіму Літавору Храптовічу. У гэтым годзе мы будзем адзначаць 285-годдзе з дня нараджэння гэтага асветніка.
Арганізатары мерапрыемства – Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У першай частцы мерапрыемства пройдзе дыскусія-круглы стол, у якой прымуць удзел гісторыкі з Беларусі, Літвы і Польшчы. Вядучымі мерапрыемства будуць дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус. Пачатак дыскусіі – 11:30, месца – зала адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (3 паверх). У дыскусіі пойдзе размова аб стварэнні і працы Міністэрства замежных спраў і іншых дзяржаўных устаноў у Рэспубліцы Абедзьвюх Нацый у складанай геапалітычнай сітуацыі XVIII стагоддзя, асобе і дзяржаўнай дзейнасці І. Л. Храптовіча.
У другой частцы адбудзецца прэзентацыя кнігі Іахіма Літавора Храптовіча “Аб прыродным праве”, якая выйшла ў выдавецтве „SANTARA“ на літоўскай, беларускай і польскай мовах. Упершыню гэтая кніга была надрукаваная 200 гадоў таму. Выданне прадставяць аўтар яго канцэпцыі, польскі гісторык Кшыштаф Трацкі, галоўны рэдактар выдавецтва „SANTARA“ Рамуалдас Норкус, генеральны дырэктар тыпаграфіі „Petro ofsetas“ Пятрас Калібатас. Падчас мерапрыемства можна будзе набыць кнігу, паразмаўляць з яе складальнікамі і выдаўцамі. Пачатак мерапрыемства – 17:00, месца – галерэя „Лабірынт“ Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (3 паверх).