Заява Міністэрства замежных спраў аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь
Мы зацікаўленыя ў развіцці добрасуседскіх, заснаваных на ўзаемнай павазе і даверы адносін з Беларуссю. Аднак гэта залежыць і ад волі і дзеянняў суседняй краіны.
Мы ўважліва назіраем за кампаніяй прэзідэнтскіх выбараў. Апошнія падзеі падчас выбарчай кампаніі – селектыўная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, новая хваля рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, апазіцыі, палітычных апанентаў і кандыдатаў, незалежных журналістаў, блогераў, арышты соцень людзей – выклікаюць вялікую заклапочанасць. Сённяшнія падзеі даказваюць, што Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі.
Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі забяспечыць канкурэнтнае выбарчае асяроддзе, бяспечныя, свабодныя і сумленныя выбары, вызваліць усіх арыштаваных і забяспечыць асноўныя грамадзянскія і чалавечыя правы. Працяг палітычна матываваных рэпрэсій, магчымы рост колькасці новых палітычных зняволеных будуць мець наступствы для далейшых адносін Еўрапейскага Саюза (ЕС) і Рэспублікі Беларусь. Мірныя, свабодныя і сумленныя выбары прэзідэнта заахвоцяць дэмакратычнае развіццё Беларусі, узмоцняць яе суверэнітэт і незалежнасць.
Кіраўніцтва Беларусі шмат разоў публічна выказвала гатоўнасць да ажыццяўлення ўсіх рэкамендацый міжнародных інстытуцый, а таксама падцвярджала сваю згоду аб міжнародным аглядзе Нацыянальнага плана дзеянняў па выкананні рэкамендацый стрэс-тэстаў ЕС, аднак дагэтуль рэальнага прагрэсу ў гэтай галіне няма. Мы заклікаем Беларусь супрацоўнічаць з Еўрапейскім Саюзам у галіне ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя адносна праекта атамнай электрастанцыі на Астравецкай пляцоўцы і не пачынаць паспешнай эксплуатацыі атамнай электрастанцыі, але накіраваць намаганні ўсіх інстытуцый Беларусі на ажыццяўленне патрабаванняў ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя.